Па матэрыялах кнігі © А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). – 2-е выд. – Гомель: Барк, 2011. – 216 с. (с. 53–55).
Упершыню рака Днепр была згадана старажытнагрэчаскім гісторыкам Герадотам у V стагоддзі да новай эры пад назвай Барысфен. Гідронім Барысфен тлумачаць па-рознаму.
Па адной з версій, гэтая назва паходзіць са старажытнай грэчаскай мовы і азначае “паўночная рака”. Згодна з іншым меркаваннем, якое ў апошні час прымаецца большасцю даследчыкаў, Барысфен з’яўляецца іранскай (скіфскай) назвай і суадносіцца са старажытнымі іранскімі праформамі *vāru – “шырокі” + *stāna – “стаянка, стан”.
Сучасная назва ракі з’явілася ў рымскіх крыніцах VI стагоддзя ў формах Данапрыс і Данапер. Некаторыя даследчыкі бачылі ў гідроніме Данапрыс мадыфікацыю папярэдняй назвы Барысфен: Бары-сфен, Бары-сцен → Бары-стан → Тана-бар (перастаноўка кампанентаў назвы) → Дана-пар → Данапер, Данапрыс.
Лічыцца, што назва Данапрыс ўзнікла ў ніжнім цячэнні ракі ў мове ўсё тых жа іранамоўных скіфаў, якія жылі ў стэпах Прычарнамор’я. Скіфы разумелі назву як “глыбокая рака”, а сам гідронім складаецца з дзвюх іранскіх каранёвых асноў: *dānu – “вада”, “рака” + *apr, arp – “водная глыбіня” [1].
Ва ўсходнеславянскім паэтычным фальклоры Днепр выступае пад назвай Славута, Славуціч, якую часта тлумачаць як “слаўная рака”. Але ў каранёвай частцы гэтай назвы (Слав-) лепш бачыць рэалізацыю індаеўрапейскай каранёвай асновы *kleu-, *sreu- у значэннях “цячы”, “цячэнне”, “паток” і вельмі старажытнага інтэрнацыянальнага кораня ут-, уд- – “вада”. Дарэчы, формы *kleu-, *sreu- роднасныя індаеўрапейскай каранёвай аснове *rei- – “рака”. Не выключана, што Славута, Славуціч – гэта даўняе славянскае найменне Дняпра.
Трэба сказаць, што першая частка назвы Данапер, Данапрыс, Днепр (Дан-, Дн-) ідэнтычная гідроніму Дон і маецца таксама ў складзе гідронімаў Днестр і Дунай (Дне-стр), (Дун-ай) [2]. У змененым выглядзе яна відавочная таксама ў наступных гідронімах: Дарготня, Драгатунь, Вяжэтня, Трубатня, Тунька (Верхняе Падняпроўе), Дунька (басейн Дзясны), Дунка (басейн Акі), Недна (басейны Дзясны і Сожа).
Другая частка гідроніма Днепр (-пр) можа разумецца не толькі ў сувязі з іранскім *apr, калі ўлічыць наяўнасць яе ў складзе наступных гідронімаў: Проня, Перанка, Піранка, Апароць, Апарат, Вопрыт [3] (басейн Сожа), Пра, Прэянка, Перыца, Проня (басейн Акі), Прэя (басейн Дзясны), Супрута (правы прыток Дняпра, басейн Акі) і іншых.
У пералічаных назвах кампанент пр-, пер-, пір-, пар- перадае значэнне хуткага, імклівага цячэння ракі. Гэты ж кампанент маецца і ў слове пруд, якое ў старажытнарускай мове, у прыватнасці, азначала “паток”, “цячэнне”, “напор” (параўнайце чэшскае слова proud і славацкае prud – “паток”, “цячэнне”). Такім чынам, этымалагічным значэннем гідроніма Днепр (Дне-пр) можа быць не толькі “глыбокая вада, рака”, але і “глыбокая рака з хуткім цячэннем”, што, дарэчы, таксама адпавядае рэчаіснасці.
Па матэрыялах кнігі © А. Ф. Рогалеў. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі). – 2-е выд. – Гомель: Барк, 2011. – 216 с. (с. 53–55).
[1] Гл.: Гідронімія Украïни в ïï міжмовних і міждіалектних зв’язках. – Киïв: Наукова думка, 1981. – С. 14–18.
[2] Назва Днестр уяўляе сабой спалучэнне двух тэрмінаў: іранскага *dānu – “вада”, “рака” + фракійскага istros – “хуткае цячэнне” (апошні геаграфічны тэрмін суадносіцца з індаеўрапейскай формай *str-, *sr- – “хуткі”, з якой звязаны славянскія геаграфічныя тэрміны струга – “фарватэр ракі”; “ручай, рачулка, пратока”; “цячэнне на балоце” і струмень – “ручай”; “цякучая вада”; “паток”, а таксама англійскае слова stream – “паток”, “ручай”, “рака”, латышскае straume – “рака” і іншыя). Формы *str-, *sr- развіліся з індаеўрапейскай каранёвай асновы *rei- / *roi- – “рака”.
Гідронім Дунай (больш рэдкая і старажытная форма – Дунаў) мае дзве часткі: *dānu – “вада”, “рака” + -аў – “вада”, “рака”; параўнайце персідскае ав, аві – “рака”; санскрыцкае āp – «вада», «рака»; латышскае upe – “рака”; гідронім Воп як назву правага прытока верхняга цячэння Дняпра.
Цікава зазначыць, што назва Дунай (Дунаў) у мінулым распаўсюджвалася толькі на верхняе цячэнне ракі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Дунай у антычных аўтараў называўся толькі Істрам (гл. Днестр).
Выказвалася думка, што першая частка назвы Дунай (Дунав) не з’яўляецца іранскай і ўзыходзіць да старажытнай каранёвай асновы *dun(a), паходжанне якой вызначыць цяжка, бо яна можа быць даіндаеўрапейскай па сваіх вытоках.
На тэрыторыі Беларусі назву Дунай носяць некаторыя невялікія рачулкі. Вядома таксама старадаўняе найменне часткі горада Віцебска – Задуноўе (літаральна – “тэрыторыя за рэчкай Дунайкай”). Ва ўкраінскай мове дунай – “калюга”, “мокрае месца, лужына, балоціна”; у польскай мове dunaj – “глыбокая рака з высокімі берагамі”, “вялікая вада”, “балота”; у рускіх дыялектах дунай – “мора”, “рака”, “ручай”; у літоўскай мове dunayus – “вялікая рака”, “глыбіня”; у беларускіх гаворках слова дунай ужываецца часам як агульная назва вялікай ракі.
[3] А-пар-оць, А-пар-ат, Во-пр-ыт, дзе часткі -оць, -ат, -ыт азначаюць “вада”, начальныя ж гукі [А-] [Во-] развіліся ў гаворках для больш зручнага вымаўлення назваў.